«Бабруйскі бровар» перазапускае «РЭЧЫЦКАЕ» | IPR Belarus

«Бабруйскі бровар» перазапускае «РЭЧЫЦКАЕ»
20.06.2018

Кампанія «Бабруйскі бровар» перазапускае два гатункі брэнда «РЭЧЫЦКАЕ» — «РЭЧЫЦКАЕ Светлае» і «РЭЧЫЦКАЕ Залацiстае». За аснову вытворчасці піва кампанія ўзяла першы рэцэпт «РЭЧЫЦКАГА» 1989 года. Сёння гатунак «загаварыў» на беларускай мове і атрымаў новы дызайн бутэлькі і этыкеткі.

«Бабруйскі бровар» перазапускае «РЭЧЫЦКАЕ»

З 1 лютага 2018 года лакальны брэнд «РЭЧЫЦКАЕ» належыць кампаніі «Бабруйскі бровар». Сёлета кампанія плануе нарасціць аб’ёмы продажаў у 2 разы ў адносінах да аналагічнага перыяду мінулага года, выпусціць 150 000 гекталітраў піва. Унутраны рынак застанецца прыярытэтным для кампаніі, на экспарт пойдзе каля 10 %. Асноўнымі экспартнымі напрамкамі будуць Расія і Украіна.

За аснову падчас вытворчасці прадукту ўзяты першы рэцэпт 1989 года, які быў дапрацаваны з улікам сучасных пераваг спажыўцоў і сыравіннай базы. Спецыяльна для гатунку «РЭЧЫЦКАЕ» была выпушчаная новая бутэлька арыгінальнай формы. На лагатыпе кампанія выкарыстала бусла — сімвал, які аднолькава пазнаецца ў кожнага беларуса і абуджае пачуццё гонару за краіну. Яшчэ адна змена — лакальны беларускі брэнд «РЭЧЫЦКАЕ» перайшоў у камунікацыі са спажыўцамі на беларускую мову.

«Бабруйскі бровар» перазапускае «РЭЧЫЦКАЕ»

«“РЭЧЫЦКАЕ” — гэта брэнд з вялікай і цікавай гісторыяй. Больш за 25 гадоў уводзіліся новыя гатункі і змяняліся ўласнікі. І, нягледзячы на змены, даследаванні прадэманстравалі высокую лаяльнасць спажыўцоў. Сёння нам важна захаваць і памножыць гэтыя адносіны. Мы правялі больш за 12 тэставых варак і эксперыментаў з рэцэптурамі і сыравінай, каб максімальна дакладна ўзнавіць «першы» смак напою, прымаючы да ўвагі перавагі беларусаў. У новым прадукце ўлічаныя магчымасці сучаснай вытворчасці і новыя тэхналогіі. Новым сімвалам брэнда стаў бусел — душэўны вобраз Беларусі. Мы старанна працавалі над тым, каб зварыць піва, якое будзе гонарам Беларусі і ўзорам якаснага прадукту», — пракаментавала Святлана Валкавец, дырэктар па маркетынгу кампаніі «Бабруйскі бровар».

Для гатавання гатунку быў выкарыстаны айчынны солад і класічны высакародны Чэшскі Жацецкі хмель (SAAZ). Дзякуючы памяншэнню ступені зброджвання і павелічэнню халоднай вытрымкі піва стала больш піткім, у водары прысутнічае лёгкі зерневы тон з фруктовымі і травяністымі ноткамі. «РЭЧЫЦКАЕ Залацiстае» адрозніваецца ад асноўнага гатунку «РЭЧЫЦКАЕ Светлае» паменшанай ступенню гаркаты і валодае павышанай піткасцю. Ідэальная тэмпература падачы — 7—10 градусаў.

«Мы вярнуліся да класічнай чэшскай тэхналогіі, а менавіта да аднаадварачнага спосабу зацірання — такі метад надае піву больш соладавых адценняў у смаку. Паменшылі ступень зброджвання піва, а таксама павялічылі да 14 дзён працягласць халоднай вытрымкі. У выніку «РЭЧЫЦКАЕ» атрымалася больш паўнацелым, смак стаў насычаным», — адзначыў Аляксей Маскаленка, галоўны броваршчык кампаніі «Бабруйскі бровар».

«Бабруйскі бровар» перазапускае «РЭЧЫЦКАЕ»

«РЭЧЫЦКАЕ Светлае» прадстаўленае ва ўсіх фарматах упакоўкі: шкло, бляшанкі, ПЭТ. «РЭЧЫЦКАЕ Залацiстае» — у шкляной упакоўцы і ПЭТ. Рэкамендаваны кошт на шкло 0,5 л — 1,54 BYN.

 

Характарыстыкі гатунку «РЭЧЫЦКАЕ Светлае»:

  • шчыльнасць = 13%,
  • алкаголь = 5.5%,
  • гарката = 18 IBU,
  • колер = 10 EBC.

Характарыстыкі гатунку «РЭЧЫЦКАЕ Залацiстае»:

  • шчыльнасць = 11%,
  • алкаголь = 4.5%,
  • гарката = 12 IBU,
  • колер = 7 EBC.

Сёння «Бабруйскі бровар» уваходзіць у групу кампаній «Аазіс», якая вырабляе піва ў шасці краінах свету. У Беларусі «Бабруйскі бровар» выпускае піва «Охота», «Zlaty Bazant», «Amstel», лакальныя піўныя брэнды «Бобров», «РЭЧЫЦКАЕ», «Жигулевское», квас «Хатні», а таксама мае ліцэнзіі на продаж «Krusovice» і «Heineken».