Лідскія півавары адрадзілі гатунак «лідскае» ўзору 1967 года
20.06.2017

Светлае піва «Лідскае», згатаванае ў гонар 50-годдзя аднайменнага гатунку, з’явіцца ў продажы 21 чэрвеня 2017 года.

Упершыню піва пад назвай «Лідскае» з’явілася на прылаўках у 1967 годзе. Тады аўтарамі новага гатунку былі галоўны броваршчык завода Марыя Галяева і загадчык лабараторыі Паліна Смірнова. Для прыгатавання піва закупалі ячмень ў Францыі і Польшчы з стопрацэнтным прарастаннем, а хмель прывозілі з Амерыкі і Украіны. «Лідскае» мела шчыльнасць 13 %.

Лідскія півавары адрадзілі гатунак «лідскае» ўзору 1967 года

 

Этыкетка піва «Лідскае» 1967 года.                       Бутэлька і этыкетка піва «Лідскае» 2017 года.

 

Сёння этыкетка і бутэлька новага гатунку візуальна паўтараюць арыгінальнае піва, вырабленае 50 гадоў таму. Бутэлька выкананая з тоўстага зялёнага шкла, якое выкарыстоўвалася ў тыя гады для прамысловага разліву піва. На этыкетцы ў правым верхнім куце размешчаная эмблема ў выглядзе ладдзі з коласам у адпаведнасці з арыгінальнай этыкеткай першых партый «Лідскага».

«У гонар 50-годдзя брэнда «Лідскае» мы вырашылі аднавіць піва ўзору 1967 года. Гатунак «Лідскае» ўпершню з’явіўся паўсотні гадоў таму і зрабіў наш завод знакамітым на ўвесь Савецкі Саюз. Да гэтага ўсе вытворцы варылі аднолькавае піва па ДАСТах. Заводу «Лідскае піва» ўдалося стварыть зусім новы гатунак, які палюбіла ўся краіна. Дзякуючы гэтаму гатунку «Лідскае піва» стала лідарам галіны таго часу і на працягу дзесяцігоддзяў пацвярджае статус эксперта броварства новымі ўнікальнымі гатункамі і бескампраміснай якасцю прадукцыі», — каменціруе дырэктар па маркетынгу ААТ «Лідскае піва» Ірына Капілава.

«Лідскае» — гэта класічнае светлае піва. Утрыманне алкаголю ў новым гатунку – 5,2 %. Масавая доля сухіх рэчываў – 13 %. Піва мае характэрны соладавы смак і водар, глыбокі саломенна-бурштынавы колер. Рэкамендаваны кошт – 1,73 рубля за шкляную бутэльку аб’ёмам 0,5 л. Навінка будзе ў продажы да канца 2017 года.

Этыкетка піва «Лідскае» 1967 года.		Бутэлька і этыкетка піва «Лідскае» 2017 года.

Алег Малахаў, галоўны броваршчык ААТ «Лідскае піва»

 

«На працягу 50 гадоў з моманту стварэння першай партыі «Лідскага» тэхналогія прыгатавання піва, тэхналогія культывавання і вытворчасці соладу істотна змяніліся. З прычыны асаблівасцей вытворчасці ў 60-я гады мінулага стагоддзя солад адрозніваўся невысокай экстрактыўнасцю*, невысокай і нераўнамернай растворанасцю і павышанай каляровасцю. У выніку падчас стварэння піва мела больш нізкую ступень зброджвання — нізкі алкаголь, адносна высокі ўзровень рэшткавага экстракту і больш выражаны, блізкі да бурштынавага колер. Піва атрымлівалася насычанае, з ярка выражаным соладавым смакам і водарам, лёгкім адценнем карамелі і глыбокім жоўта-бурштынавым колерам, гарката – ад сярэдняй да ўмеранай, — распавядае галоўны броваршчык ААТ «Лідскае піва» Алег Малахаў. — У новым гатунку выкарысталі традыцыйны хмель «Perle», які характарызуецца чыстым хмелевым водарам, без якіх-небудзь дадатковых смакаў і пахаў. У склад піва апроч светлага ячменнага ўвайшлі яшчэ два віды соладу. «Шато Мюнік Лайт» надаў піву характэрны соладавы смак і водар, а таксама глыбокі саломенна-бурштынавы колер. «Шато Кара Клэр» дадаў лёгкія карамельныя ноткі і колер. Для атрымання піва, максімальна набліжанага да піва 1967 года, з насычаным целам, смакам і водарам, у акампанеменце з вышэйпералічанымі відамі соладу я выкарыстаў асаблівыя настройкі тэхналагічнага працэсу прыгатавання сусла».

Піўны завод у г. Ліда быў заснаваны ў 1876 годзе Носелем Пупко. У гэтым жа годзе была звараная першая партыя піва. Прадпрыемства ніколі не спыняла сваю працу, нават у часы войнаў і рэвалюцый. З 1920 г. завод пачаў выпускаць квас, з 1937 г. — газіраваныя напоі. З 1998 г. завод першым у рэспубліцы пачаў разліваць піва ў кегі. ААТ «Лідскае піва» — найстарэйшы з дзейсных бровараў Рэспублікі Беларусь. У 2016 г. прадпрыемства адзначыла 140-годдзе.

 

* Экстрактыўнасць — масавая доля сухіх рэчываў у пачатковым піўным сусле.

 

Чрезмерное употребление пива вредит вашему здоровью